Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская:  Раман Бандарэнка загінуў ад рук тых, хто баяўся і працягвае баяцца праўды

12.11.2025 08:11
«Мы памятаем яго мужнасць і права быць свабодным. Ягоныя словы «Я выходжу» сталі сімвалам для ўсёй краіны. Мы верым: справядлівасць прыйдзе, і Беларусь стане месцам, дзе можна проста жыць без страху».
-
Стрыт-арт памяці Рамана Бандарэнкі на вуліцы МінскаTUT.by

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у пятыя ўгодкі гібелі Рамана Бандарэнкі, забітага 12 лістапада 2020 года на Плошчы Перамен у Мінску.

«Пяць год таму забілі чалавека, які проста выйшаў у свой двор, каб абараніць тое, што любіў. Ён хацеў, каб яго двор заставаўся месцам дабра і спакою. Тады многія маўчалі ад болю і разгубленасці — бо не існуе правільных слоў перад такой трагедыяй.

Раман загінуў ад рук тых, хто баяўся і працягвае баяцца праўды — пра тое, як і чаму гэта здарылася, і чаму вінаватыя не пакараныя.

Мы памятаем яго мужнасць і права быць свабодным. Ягоныя словы «Я выходжу» сталі сімвалам для ўсёй краіны. Мы верым: справядлівасць прыйдзе, і Беларусь стане месцам, дзе можна проста жыць без страху».

12 лістапада 2020 году Раман Бандарэнка быў забіты. Маладзёна выкралі на «Плошчы Перамен» і збілі невядомыя людзі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Рамана завезлі з РУУС Цэнтральнага раёну Мінску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.

Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камер назірання пазналі экс-кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант.

эж


У Жыровіцкім манастыры знішчана фрэска суаўтарства Рамана Бандарэнкі

17.11.2023 14:11
На фрэсцы, напісанай ім у рамках дыпломнай працы ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы, быў намаляваны манастыр пад шатамі Жыровіцкай іконы Багародзіцы.